Дом-музей імя І. П. Мележа

12 лютага 1983 года ў в. Глінішча быў адкрыты Дом-музей Івана Паўлавіча Мележа, народнага пісьменніка Беларусі. Экспазіцыя музея размешчана ў чатырох залах. У першай сабраны прадметы хатняга ўжытку, якімі сяляне карысталіся ў мінулым: калаўрот з ільняным пакуллем, маслабойка, ступа, качалка, капылі і іншыя прадметы.

Экспазіцыя другой залы пачынаецца са стэнда з фотаздымкамі бацькоў пісьменніка. Тут, на фотаздымках: дзядуля і бабуля па матчынай лініі, браты, сёстры, аднакласнікі, настаўнікі, фатаграфія пачатковай школы, у якой вучыўся будучы пісьменнік, і іншыя.

У трэцяй зале наведвальнікам прадстаўлены карціны мастакоў Шастапалава І. А. «На Прыпяці», «Вясновы матыў»; Ціханава І. Т. «Маладосць Мележа», фатаграфіі сяброў, сваякоў. У гэтым жа пакоі размешчаны: пісьмовы стол, дыван, часопісны столік з друкаванай машынкай, кніжная шафа, прывезеныя з кабінета І. Мележа ў Мінску.

У экспазіцыі чацвёртай залы прадстаўлены асабістыя рэчы пісьменніка: паліто, гарнітур, капялюш, кепка, партфель, папка. Сабраны фатаграфіі пісьменніка, яго сяброў, пісьменнікаў Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, М. Лынькова. У вітрынах прадстаўлены дыпломы, віншавальныя тэлеграмы, паштоўкі і творы пісьменніка на розных мовах.